З 8-га па 9-га жніўня на Валыні будзе праводзіцца фэст альтэрнатыўнай музыкі і сучаснага ўкраінскага мастацтва «Бандерштат-2009». Мерапрыемства прысвечана 100-й рочніцы з дня народзінаў Сцяпана Бандэры і ставіць мэтай уздым украінскай нацыянальнай ідэі сярод моладзі. Арганізатарам дзейства выступіла валынская моладзевая грамадская арганізацыя «Національний Альянс».
Месцам правядзення фэставага дзейства была абрана база лагера «Сонячний» ля с.Гаразджа паблізу Луцка. Тут, як і ў мінулым годзе, будзе дзейнічаць намётавае мястэчка, дзе змогуць пасяліцца ўсе жадаючыя «фестывальнікі». Пражыванне і ўваход на фэст будуць дармавымі.
Дадзены фэст сярод усіх іншых вылучаецца нацыянальна-патрыятычным накірункам. Менавіта таму разыначкай дзейства ў гэтым годзе стане сустрэча і размова ўдзельнікаў фэсту са Сцяпанам Бандэрай – унукам выдатнага нацыянальнага героя Украіны.
У праграму Бандэрштату ўвайшлі такія мерапрыемствы: квэсты на моладзевую тэматыку (велаквэст і «пешы» квэст); спартовыя спаборніцтвы; графіці на тэму героікі УПВ; кірмашы ўкраінскай этнічнай прадукцыі (продаж этнічнай вопраткі, нацыяналістычнай сімволікі, літаратуры і ўкраінскамоўнай музыкі); народныя гульні і традыцыйныя ўкраінскія забавы; літаратурны міні-фэст патрыятычнай паэзіі пры ўдзеле літаратурных студый «Лесин Кадуб» (Луцк) і «Севама» (Кіеў); паказальныя выступы і майстар-класы ўкраінскіх баявых мастацтваў (баявы гапак, спас і да т.п.); начныя, песенныя вогнішчы; дакументальная выстава пра дзейнасць УПВ на Валыні; начны кінасеанс украінскага кіно на паўстанцкую тэматыку; сустрэча і размова з ветэранамі УПВ. У гэтым годзе навінкаю фэста будзе татуяванне для ўсіх жадаючых, працэдура будзе выконвацца бясплатна пры ўмове, што малюнак альбо надпіс будзе выкананы на нацыянальна-патрыятычную тэматыку. Таксама вядуцца перамовы з клубам гістарычнай рэканструкцыі „ Меморіал” (г. Ільвоў) з нагоды правядзення паказальнага бою войскаў УПВ з НКУС.
Канцэртная частка фэсту: У суботу, 8-га жніўня, будуць выступаць наступныя музычныя калектывы: «ІншІ» (Уладзімір-Валынскі), «Ікебана» (Луцк), «Злам» (Кіеў), «Пост-Сенс» (Белая Царква), «В.О.Д.А.» (Луцк), «Брем Стокер» (Роўна), «Де Сенс» (Ільвоў), хэдлайнеры «Mauzer» (Магілёў, Беларусь) і «Роллікс» (Херсон). У нядзелю, 9 жніўня, будуць граць: «Еффата» (Чырвонаград), «Хмародери» (Ільвоў), «Спалені Вітрила» (Роўна), «Фіолет» (Луцк), «Хуч» (Ільвоў), «Мій Батько П’є» (Роўна), «Веремій» (Кіеў), «Серцевий Напад» (Чарнаўцы-Луцк) і хэдлайнер фэсту – «Тартак» (Кіеў).
Усе схільныя выступіць на Бандэрштаце былі вымушаны прапанаваць творчасць, якая б мела праўкраінскі змест, паколькі абавязковая ўмова адбору – дэмазапіс песні на патрыятычную тэматыку. Прынцыповым патрабаваннем таксама было выкананне песен на ўкраінскай мове. Адбор працягваўся з 1 траўня па 26 чэрвеня. Выключэннем з правілаў сталі зоркі беларускай альтэрнатыўнай сцэны - гурт «Mauzer». Хэдлайнерам Бандэрштату стане гурт «Тартак». На сцэне фэсту будзе прэзентаваны новы альбом каманды – “Опір матеріалів” і выканана праграма з песенных хітоў гурта. «Тартак» – адзін з нешматлікіх папулярных на Украіне музычных калектываў, які прапагандуе сваёй творчасцю любоў да Украіны і ўсяго ўкраінскага, у прыватнасці, узнімаючы пытанне УПВ.
Spider
Позёров НЕТ - сайт о белорусской молодёжи (http://pozerov.net)