Даўно гурт Sciana не радаваў сваіх прыхільнікаў паўнавартасным альбомам – папярэдні лонг-плэй “Рыфмы лёсаў”з’явіўся ў 2002-м годзе. З таго часу асобныя трэкі гурта бралі ўдзел у розных складанках (у тым ліку на кружэлцы “Генералы айчыннага року” і “Віза NRM”), выдавалася складанка “Basowiszcza 2005” адмыслова для гэтага фэсту. І вось прыспеў час новага альбому.
Запісваўся альбом даволі доўга – паўгады. Цікава адзначыць, што ў якасці гукарэжысёраў пад час запісу выступалі самі музыкі – гітарыст і ўдарнік. Звядзеньне і мастэрынг зрабіў Ілья “Trikil”, вядомы таксама як фронтмэн берасцейскага гурта “D_Tails”. У такім варыянце музыкі працавалі ўпершыню, таму саунд кружэлкі адрозніваецца ад папярэдніх прац гурта. Нязменнымі засталіся фірмовыя “фішкі” каманды – спалучэнне жорсткага гітарнага драйву і мелодыкі саксафону, а таксама эмацыйнасць і экспрэсіўнасць выканання. У якасці спецыяльнага госця выступіла вакалістка мінскага гурта “Unia” Дар’я Трубіна – яе бэк-вакал можна пачуць на трэку “Ніколі болей”.
Трэкліст альбому “Кропка вяртання”1. Кім я быў
2. Кропка
3. 2 000 000
4. Слёзы пад дажджом
5. Мяне не існуе
6. Сірэны Тытану
7. Пра каханне
8. Ніколі болей
9. Адам
10. Працяг будзе...
Склад гурта Sciana:Павел Прохараў – гітара, вакал
Андрэй Клімус – бас-гітара, тэксты
Яўгеній Лук’янчык – саксафон-альт
Аляксей Кузняцоў – барабаны
Так мяркуюць пра свой альбом самі ўдзельнікі гурта!
…я не магу назваць тры прычыны, па якіх наш альбом трэба паслухаць кожнаму, але я магу назваць тры прычыны, па якіх яго ўвогуле не абавязкова слухаць. Калі вы даўно вырашылі змяніць сябе, але не знаходзіце на гэта ні часу, ні волі. Калі вы даўно хочаце зазірнуць у сябе, але вам не стае разумення ўласнага сьвету. Калі вы даўно хочаце нешта важнае сказаць іншаму чалавеку, але вам бракуе патрэбных словаў і спрыяльнага моманту - прыміце параду, не губляйце час на музыку, а зараз жа зрабіце тое, што даўно хацелі.
Калі ж вы ўсё ж такі вырашылі адкласьці гэта - паслухайце гэты альбом абавязкова. Гэта ня будзе марна праведзеным часам. У кожнага з нас ёсьць свая кропка вяртаньня, кропка, перакрочыўшы якую ўжо няма звароту назад. Перакрочыўшы якую, вы цалкам зьмяняеце сваё жыццё ў лепшы бок, ці горшы - ужо неістотна і незваротна, калі выбар зроблены.
Нельга ўвесь час стаяць на месцы, трэба зрабіць самы важны крок наперад і верыць у сябе і калі мы дапаможам зрабіць вам гэта - гэты альбом ствараўся не дарма!
Spider
Позёров НЕТ - сайт о белорусской молодёжи (http://pozerov.net)