Будучым летам споўніцца тры гады з дня выхаду ў сьвет ґрунтоўнага кніжнага тому "222 альбомы беларускага року" вядомых музычных аналітыкаў Вітаўта Мартыненкі і Анатоля Мяльґуя. За гэты час кніга мела шырокі розгалас у дзяржаўнай і незалежнай прэсе, атрымала адмысловую карону на фэстывалі "Рок-Каранацыя", а з 2007-га трапіла ў маштабны праект "Беларуская інтэрнэт-бібліятэка", дзе напрацягу 16 месяцаў знаходзілася ў сьпісе 25 найбольш папытовых топаў названага парталу. А калі прыгадаць яшчэ й першы том названых аўтараў ("Праз рок-прызму", 1989, New York), дык тут увогуле круглы юбілей – 20 гадоў!
Нягледзячы на маштабныя прэзэнтацыі кнігі ў клюбах і канцэртовых залях Менску, Баранавічаў, Воршы, Полацку ды іншых гарадоў Беларусі, цікавасць да унікальных выданьняў і ягоных аўтараў не зьмяншаецца. І вось нядаўна ў канфэрэнц-залі Таварыства Беларускай Мовы лэйбл "БМАgroup" наладзіў яшчэ адну тэматычную сустрэчу для беларускіх настаўнікаў, якая мела назву "Маскультура ў школьнай праґраме".
На сустрэчу ў Менск прыехалі настаўнікі з Гародні, Берасьця, Маладэчна, Смалявічаў, Гомеля, Віцебску, былі журналісты сталічных ґазэт, кіраўнікі грамадзкіх арґанізацыяў. Пасьля ўступнага слова Ірыны Коваль, сакратара грамадзкага Архіву Найноўшай Гісторыі "Дыярыюш", больш за гадзіну Вітаўт Мартыненка і Анатоль Мяльґуй распавядалі пра рэцэнзаваныя ў кнізе літаратурна-музычныя праекты беларускіх выдаўцоў, дзе ў розных жанрах сучаснай музыкі ажывае наша сучасная, клясычная й архаічная паэзія: трыб’ют-альбомы мэлядычных песень на вершы Янкі Купалы, Уладзіміра Караткевіча, Ларысы Ґеніюш, Сяргея Новіка-Пяюна, аўтарскія кружэлкі папулярных артыстаў (Зьмітра Вайцюшкевіча, Вальжыны Цярэшчанкі, Тацьцяны Беланогай, гуртоў "Tesaúrus", "P.L.A.N.", "DeadMarsh") з новым гучаньнем паэзіі Рыгора Барадуліна, Сяргея Законьнікава, Яўґеніі Янішчыц, Уладзіміра Някляева, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна.
Журналісты таксама прывялі прыклады з названай кнігі, калі беларуская песьня дапамагае юнаму пакаленьню асэнсаваць ня толькі айчынную, але й замежную паэзію: Робэрт Бёрнс у песьнях "P.L.A.N.", Эміль Вэрхарн у песьнях "Asguard", японскія паэты ў песьнях Вайцюшкевіча; і ўсё гэта ў дасьціпных беларускіх перакладах, у вельмі разнастайным спэктры стыляў – ад блюзу й рок-н-ролу да цяжкога аванґарднага мэталу.
Але каштоўнасць масавай папулярнай песьні на думку вядомых аўтараў не абмяжоўваецца літаратурным зьместам твораў, бо менавіта ў песьнях можна адшукаць і актуальны грамадзкі водгук на падзеі жыцьця, і гістарычныя згадкі, пашырыць асацыятыўнасць мастацкіх вобразаў. Напрыклад, няўжо ня стануць больш пераканаўчымі ўрокі гісторыі, калі вобраз нашага славутага змагара Кастуся Каліноўскага падмацуе песьня Эдуарда Акуліна "Сьляза па Кастусю Каліноўскаму"? Няўжо вучням не дапаможа асэнсаваць спрэчную асобу ґенэрала Станіслава Булак-Балаховіча адна з песень Андрэя Плясанава: "Калі станем людзьмі, пабудуем тут горад, назавем яго проста – Балаховічаўград"? Няўжо ня стануць больш натхнёнымі ўрокі маляваньня ў школе пад рамантычныя вобразы кампазыцыяў гурта "zIGZAG" ("Палымянае неба", "Птушкі", "Гара")? А вывучэньне гісторыі й літаратурных помнікаў "Слова пра паход Ігаравы", "Статут Вялікага Княства Літоўскага", бітваў пад Ґрунвальдам і Воршай ці ня стануць зразумелымі пад надзвычай папулярныя песьні гуртоў "Стары Вольса", "Testament", "Камэлот"? Дый нават вывучэньню ґеаґрафіі маглі б дапамагчы песьні кшталту "Нёман" Нестара Сакалоўскага з праекту "Я нарадзіўся тут", "Па дарозе зь Вільні на Полацак" Леры Сом, "На месцы Аршанскае бітвы" Андрэя Мельнікава, "Жураўлі на Палесьсе ляцяць" гурта "Песьняры", "Беларусь" гурта "Znich", "Белавежская пушча" Данчыка. Дый хіба рытмічныя зонґі "N.R.M." сапсуюць урокі фізкультуры? А яны ж, больш таго, умацуюць працэс самаідэнтыфікацыі грамадзяніна Беларусі.
Галоўнай высновай Вітаўта й Анатоля была ідэя татальнага вяртаньня беларускага кантэксту ў беларускія школы, каб выхоўваць не марґіналаў памерлай імпэрыі, якія за доступ да харчовага карыта толькі й чакаюць чужой всказівкі, а паўнавартасных грамадзян краіны Беларусь, здольных жыць і радавацца жыцьцю. Адным словам: народ, які страціць нацыянальную маскультуру, ня будзе мець увогуле ніякай адметнай культуры. Таму жыве рок-н-рол!
Завершылася сустрэча ў Таварыстве Беларускай Мовы адказамі Мартыненкі й Мяльґуя на надзённыя пытаньні настаўнікаў, пакінуўшы адчуваньне ўзаемнага абагачэньня духовым досьведам. Асабліва цікавым у гэтым сэце апынуўся амаль дэтэктыўны роспавед журналістаў пра факт свайго першага кніжнага праекту ў ЗША, калі рукапіс беларускай кнігі пра сучасную музыку давялося таемна перапраўляць амэрыканскім выдаўцам з пэўных трэціх краін, затое потым яна стала набытках ня толькі буйнейшай у сьвеце Бібліятэкі канґрэсу ЗША (каталёґавы №89-62683), але й Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (№1Ба 15880). А настаўнікі на сутрэчы ў ТБМ атрымалі яшчэ й падарунак ад выдаўцоў: камплект дыскаў беларускай папулярнай музыкі (і такіх папулярных, як "Guda", "Я нарадзіўся тут", "Стары Вольса", трыб’юты "Жыць для Беларусі" Ларысе Ґеніюш і "Дні лятуць" Сяргею Новіку-Пяюну) ды той самы том пра яе – "222 альбомы беларускага року".
Яніна ІЛЬЯШЭВІЧ
На здымку: музычныя аналітыкі Вітаўт Мартыненка й Анатоль Мяльґуй на сустрэчы з чытачамі.
Spider
Позёров НЕТ - сайт о белорусской молодёжи (http://pozerov.net)